Смалявічы — горад, заснаваны на рацэ Плісе. З’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. З 2010 года афіцыйна стаў горадам-спадарожнікам Мінска.
Першыя згадкі ў пісьмовых крыніцах адносяцца да 1448 года. Назва горада паходзіць ад слова «смала», здабычай і апрацоўкай якой займаліся мясцовыя жыхары. У выніку на гербе горада намаляваная бочка са смалой. У 1508 годзе Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонт I перадаў Смалявічы ва ўладанне вялікага літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага. У 1586 годзе ўладальнікам горада стаў барысаўскі стараста і гетман ВКЛ Крыштаф Радзівіл. З гэтага моманту ў мястэчку пачынае бурна развівацца гандаль і рамяство. У першай палове XVIII стагоддзя Смалявічы былі даволі значным паселішчам, дзе пражывала каля 1000 чалавек. Аднак падчас Паўночнай вайны (1700—1721 гадоў) мястэчка было моцна разбурана.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Смалявічы былі далучаны да Расійскай імперыі. Будаўніцтва і адкрыццё ў 1871 годдзе чыгункі Брэст — Масква стварыла новыя магчымасці для прамысловага развіцця Смалявічаў. З чэрвеня 1924 года Смалявічы сталі цэнтрам раёна, а з 27 верасня 1938 года мястэчку быў прысвоены статус пасёлка гарадскога тыпу.
Інтэнсіўнае развіццё Смалявіч пачалося пасля Другой сусветнай вайны. Былі пабудаваныя хлебазавод і смалакурны завод, Смалявіцкая ГРЭС, торфапрадпрыемства і завод тарфянога машынабудавання, бройлерная птушкафабрыка і камбікормавы завод. 7 сакавіка 1968 года пасёлак атрымаў статус горада, а з 2010-га гораду Смалявічы прысвоены статус горада-спадарожніка Мінска. У сувязі з гэтым у горадзе актыўна будуецца жыллё, сацыяльныя аб'екты і аб'екты інфраструктуры.
Дата публікацыі: 21.04.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму