Архірэйскі палац — помнік архітэктуры позняга барока з элементамі ранняга класіцызму. Узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя для архіепіскапа Георгія Каніскага па праекце знакамітага віленскага архітэктара Ёгана Глаўбіца.
Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, з якім разам з будынкам духоўнай семінарыі складаў адзіны архітэктурны комплекс. Палац быў пабудаваны ў глыбіні квартала на высокім беразе Дняпра. Першапачаткова ў будынку размяшчалася вялікая колькасць пакояў, сярод якіх галоўнае месца займала прасторная зала для прыёмаў. На другім паверсе размяшчаўся ўласны пакой Георгія Каніскага, а таксама бібліятэка. Трэці паверх складаўся ў асноўным з невялікіх памяшканняў – пакояў для прыслугі і наведвальнікаў праваслаўнага епіскапа.
Сёння палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў.
На будынку знаходзіцца памятная шыльда, на якой напісана: «У гэтым доме жыў і працаваў у 1785–1795 гадах вядомы дзеяч культуры ўсходніх славян, асветнік, пісьменнік і палітык – архіепіскап Георгій Каніскі». Сёння ў будынку былога палаца знаходзіцца музей гісторыі горада Магілёва.
Дата публікацыі: 15.07.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму