У часы свайго існавання замак быў самым вялікім на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх, праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Магчымае месца каранацыі Міндоўга.
На самай высокай замкавай гары на тэрыторыі сучаснай Беларусі некалі ўзвышаўся самы магутны і самы вялікі ў Беларусі замак.
На стромкіх схілах часткова падсыпанага пагорка, вышыня якога сягае 60 метраў, у XI стагоддзі з'явіўся замак. Яго драўляныя ўмацаванні былі абведзеныя абарончымі ровам і валам.
Каменная вежа-данжон з'явілася тут толькі ў XIII стагоддзі. Яна адыгрывала важную ролю ў абароне замка ад частых нападаў крыжакоў.
Пачынаючы з канца XIV і да сярэдзіны XVI стагоддзя паўсталі яшчэ 6 каменных вежаў: Касцёльная, Малая, Пасадская, Дазорца, Калодзежная і Мейская. Прычым дзве апошнія ўтварылі спецыяльнае перадзамкавае ўмацаванне – гэтак званы форбург. У Калодзежнай вежы знаходзіўся тайнік з вадой.
Усе вежы паступова былі злучаны каменнымі сценамі вышынёй 8 метраў і таўшчынёй 2,5 метры.
У гэты ж час на тэрыторыі дзядзінца былі пабудаваныя велікакняжацкі палац і царква Святога Міхаіла, дзе адбываліся пасяджэнні Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.
Замак за сваю гісторыю паспеў таксама пабываць рэзідэнцыяй праваслаўнага і ўніяцкага мітрапалітаў. Магчыма, ён быў месцам каранацыі вялікага князя Міндоўга.
Але з сярэдзіны XVII стагоддзя каменнае сэрца першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага пачынае прыходзіць у заняпад. Самыя вялікія разбурэнні прынесла трынаццацігадовая вайна 1654–1667 гадоў з Маскоўскай дзяржавай. Працягнулі разбурэнне Навагрудскага замка шведы падчас Паўночнай вайны. У пачатку XIX стагоддзя, у 1802 годзе гродзенскі губернатар Бэнігсэн загадаў разабраць частку замкавых вежаў, каб пабрукаваць вуліцы Навагрудка.
Пад ахову руіны замка былі ўзятыя толькі ў 1921 годзе польскімі ўладамі. На дадзены момант захаваліся толькі рэшткі дзвюх вежаў: Шчытоўкі і Касцёльнай.
Дата публікацыі: 23.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму